Интервью

«Трэба даць спартсмену магчымасць паверыць у свае сілы», – Уладзімір Сівіцкі.

21.05

«Трэба даць спартсмену магчымасць паверыць у свае сілы», – Уладзімір Сівіцкі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт, загадчык кафедры псіхалогіі БДУФК

Згодна з Указам Прэзідэнта № 157 «Аб дзяржаўных святах, святочных днях і памятных датах у Рэспубліцы Беларусь» кожную трэцюю суботу мая адзначаецца Дзень работнікаў фізічнай культуры і спорту. Сёлета 15 мая, варта павіншаваць тых, хто піша спартыўную гісторыю краіны. І гэта не толькі непасрэдна спартсмены і іх трэнеры. Але і мноства людзей, без якіх немагчымы спорт.

Народная мудрасць сцвярджае, што ў здаровым целе — здаровы дух, але, аказваецца, і яго трэба трэніраваць. Адказваюць за гэта спартыўныя псіхолагі, спецыялісты, чый удзел у спартыўным працэсе часта незаўважны, але неабходны. Як працуюць спартыўныя псіхолагі, навошта трэніраваць і цела, і псіхіку і які ён, спартыўны характар, «Звяздзе» расказаў Уладзімір Сівіцкі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт, загадчык кафедры псіхалогіі БДУФК.



Уладзімір Генадзевіч, усе падзеі 2020 года стварылі беспрэцэдэнтную сітуацыю ў сусветным спорце. На вашу думку, як пандэмія, перанос Алімпійскіх гульняў адбіліся на псіхалагічным стане?

— Сапраўды, мноства падзей мінулага года нельга назваць станоўчымі. Пераносы і адмена спаборніцтваў, каранцін не могуць пазітыўна адбіцца на рабоце трэнераў і спартсменаў, многім прыйшлося кардынальна мяняць планы. Сур’ёзная праблема ў тым, што многія спартсмены хварэлі на каранавірус, і арганізму трэба аднаўляцца. Усё гэта паўплывала на падрыхтоўку і вынікі. Сёння ў сітуацыі, калі прадстаўнікі розных краін не могуць эфектыўна ўзаемадзейнічаць паміж сабой, губляецца магчымасць бачыць, як развіваюцца іх калегі. А спорт — не толькі спаборніцтвы, гэта ў першую чаргу зносіны людзей, аб’яднаных адным інтарэсам, і сродак узаемадзеяння, культурнага абмену. І ад гэтага спорт шмат губляе ды, на маю думку, многае прыйдзецца пераасэнсаваць.

Трэнер можа замяніць спартсмену псіхолага?
— Трэнер — галоўны чалавек у спорце, але гэта не значыць, што ён добры псіхолаг. Трэнер, які можа паспяхова замяняць псіхолага, — вялікая ўдача для спартсмена. Часта трэнеру самому патрэбен псіхолаг. І вельмі добра, калі яны працуюць разам, выконваючы свае розныя задачы. А калі гэта спалучаецца ў адным чалавеку, можа здарыцца міжасабовы канфлікт. Напрыклад, сітуацыя: трэнер патрабуе ад спартсмена выканаць вялікі аб’ём цяжкай работы. А ў таго не атрымліваецца. І што рабіць трэнеру: пашкадаваць ці прымусіць? А псіхолаг якраз павінен прыняць і зразумець і знайсці кампраміс. Асабліва гэта заўважна ў дзіцячым спорце. Мы заўсёды раім бацькам быць добрымі, ласкавымі, прымаць і падтрымліваць маленькага спартсмена. А часта бацькі займаюць пазіцыю яшчэ аднаго трэнера, і дзіця напружваецца і на трэніроўках, і дома. Часта псіхолаг патрэбен, каб паказаць і спартсмену, і трэнеру, што многія праблемы вырашальныя і жыццё не абмяжоўваецца спартыўнай арэнай.

Практыка сведчыць, што, чым больш жорсткі трэнер, тым вышэйшыя дасягненні яго вучняў. А як гэта ўплывае на псіхалагічны стан спартсменаў?

— Калі трэнер патрабуе зашмат, ён лічыць, што спартсмен ужо гатовы гэта зрабіць, нават калі той баіцца. Тут праяўляюцца і страхі, і псіхалагічныя бар’еры. Ці ёсць у спорце найвышэйшых дасягненняў межы? Сённяшні нарматыў на майстра спорту — гэта алімпійскі рэкорд 1930-х гадоў. Важна, каб спартсмены верылі, што яны могуць зрабіць нешта нерэальнае. Я люблю прыводзіць у прыклад расійскіх гімнастак сясцёр Аверыных — яны ехалі на свой першы дарослы чэмпіянат свету з элементамі, якія ніхто да іх не выконваў. Яны ішлі па прынцыпе «або пан, або прапаў». Гэта стратэгія краін, якія маюць вялікую лаўку запасных. У Беларусі крыху іншая стратэгія: у нас кожны спартсмен на вагу золата.

Калі трэнер ставіць перад сваім вучнем грандыёзныя мэты, ён павінен разумець, як іх дасягаць, і правільна заматываваць спартсмена. Складанасць элемента — гэта біямеханіка, і калі правільна прадумаць і правільна гэтаму навучыць, усё будзе магчыма. Невыпадкова з’явіліся такія элементы, як пералёт Ткачова, крыж Аазарана, пятля Корбут і мноства іншых. У спорце найвышэйшых дасягненняў працуе прынцып «дрэнны той салдат, які не марыць стаць генералам». Той, хто рызыкуе і не баіцца спрабаваць нешта ўнікальнае, і перамагае. Але тут варта адзначыць, што складанасць элементаў сёння зашкальвае, таму што амалоджваюцца многія віды спорту. Дзіцяці зрабіць і засвоіць складаны элемент лягчэй, бо яно не заўсёды разумее, наколькі гэта цяжка і немагчыма. Ну і ў фізічным плане прасцей. Я з асцярогай гляджу на амаладжэнне і ўскладненне тэхнічнай часткі, таму што гэта не толькі вядзе да траўматызму, але і псіхалагічна расстройвае іншых патэнцыйных удзельнікаў. Дзеці, падлеткі глядзяць і думаюць, што ў іх нічога не атрымаецца, таму і пачынаць няма сэнсу.

Як спартыўныя дасягненні, ранняя слава ўплываюць на псіхалагічны стан дзяцей-чэмпіёнаў?

— Безумоўна, спартыўныя дасягненні кардынальна вылучаюць іх сярод равеснікаў. Многія дарослыя кажуць, што ад славы стамляешся — што ўжо казаць пра неакрэплую псіхіку падлетка? Але ці можна сцвярджаць, што ў алімпійскай чэмпіёнкі неакрэплая псіхіка, калі стаж яе працы роўны стажу яе жыцця? Са спартыўнага пункту погляду, у яе нармальная моцная псіхіка, другая справа — сацыяльны пункт погляду. Кажучы аб устойлівасці псіхікі, важна браць пад увагу ўзаемадзеянне соцыуму і спартсмена. Калі акружэнне атлета — бацькі, сябры, трэнер — не дапамагаюць яго псіхіцы ўмацавацца, то ў будучыні могуць быць сур’ёзныя праблемы. З такімі праблемамі сутыкаемся, калі чалавек заканчвае са спортам і аказваецца абсалютна неадаптаваны да жыцця…

Чаму часам у спартсменаў, выдатна падрыхтаваных фізічна, узнікаюць псіхалагічныя праблемы, калі яны не могуць, напрыклад, скокнуць на пэўную вышыню?

— Гэта ярка выражаная псіхалагічная праблема. Трэнер Марыі Ласіцкенэ ў адным з інтэрв’ю расказваў, як яны пераадольвалі такія бар’еры, выкарыстоўваючы розныя метафарычныя сюжэты. Напрыклад, яны разыгрывалі, што не Марыя пералятала праз планку, а воблачка праз горку. Падобныя прыёмы выкарыстоўваў Сяргей Бубка. Некаторыя трэнеры замест планкі замацоўваць нітку, і спартсмен не баіцца яе збіць. Вядомы выпадкі, калі трэнеры падманвалі спартсмена, кажучы, што паставілі планку ніжэй, чым на самай справе. Існуе вельмі шмат прыёмаў — стандартных і нестандартных, але гэта заўсёды індывідуальная работа са спартсменам. Страх перад новым бар’ерам, дасягненнем натуральны. І мы сутыкаемся з неабходнасцю яго пераадолення ў кожным відзе спорту.

Як спартыўны псіхолаг можа дапамагчы, калі спартсмен «перагарае» за некалькі хвілін да старту і, нягледзячы на выдатную падрыхтоўку, адчувае сябе ні на што не здольным?

— Калі спартсмен сам па сабе высокатрывожны, то яму варта пастаянна працаваць з псіхолагам. Але, калі ён перагарэў непасрэдна на спаборніцтвах, то што рабіць? Гэта не значыць, што трэба падняць лапкі і здацца. Усё роўна патрэбна выйсці і паказаць вынік. Найлепшым спосабам тут будзе адцягнуць спартсмена ад думак пра выступленне. Калі ён пачне думаць пра свае праблемы і недахопы, абавязкова іх знойдзе. Асноўная задача псіхолага ў такім выпадку — засяродзіць спартсмена на дасягненні таго, што ён можа зрабіць. Магчыма, ён не пакажа максімуму, але здольны паказаць мінімум, які выконвае на трэніроўцы. І трэба яго настроіць прадэманстраваць вынік, на які ён дакладна здольны, выканаць усё тэхнічна правільна і без памылак — гэта магчыма. Існуюць розныя спосабы пераключэння, і псіхолагі імі валодаюць. Іншая справа ў тым, што псіхолагу патрэбна добра ведаць спартсмена, каб разумець, які вынік для яго падабраць.

Уладзімір Генадзевіч, растлумачце, калі ласка, як на псіхалагічны стан спартсменаў уплываюць планы на медалі напярэдадні спаборніцтваў, чаканні ад аматараў, ад кіраўніцтва.

— На псіхалагічны стан чалавека цісне любы план, паколькі яны заўсёды ставяцца па самых верхніх паказчыках. Нават калі мы плануем звычайны рабочы дзень, хвалюемся, ці паспеем усё выканаць. Любы план і асабліва план дасягненняў кладзецца грузам на плечы спартсменаў. Але гэта неад’емная частка спорту вышэйшых дасягненняў, ад якой нікуды не падзецца. Калі трэнер не паставіць план — спартсмен яго паставіць сабе сам, бо заўсёды стараецца выступіць як мага лепш. Варта разумець, што спартсмен нікому нічога не абавязаны: ні сабе, ні аматарам, ні кіраўнікам. Ён можа заваяваць медаль — і будзе малайчына, але калі не справіцца — усё роўна малайчына. Ён аддаў усе сілы барацьбе, проста крыху не хапіла. І калі спартсмен будзе бачыць такія адносіны, на ім не будзе ніякага грузу. На буйных спаборніцтвах усе жадаюць перамагчы, і часта груз чаканняў несці немагчыма. І праз гэта здараецца, што лідары ўступаюць аўтсайдарам. Букмекеры, аматары, журналісты робяць свае прагнозы. Таму ёсць спартсмены, якія не чытаюць прэсу, а ёсць, наадварот, тыя, якіх матывуе тое, што ад іх чакаюць поспеху.

У вас ёсць адказ на пытанне, чаму так актыўна развіваецца параалімпійскі спорт, адкуль у людзей з інваліднасцю маральныя сілы цяжка працаваць дзеля спартыўных поспехаў?

— Я не працаваў непасрэдна з параалімпійскімі камандамі. Маімі студэнтамі некалі былі Барыс Бачкоўскі і Вольга Цяцёркіна — танцавальная пара на інвалідных калясках, лідары і першаадкрывальнікі такога спорту. Гэта было дастаткова даўно і стала адкрыццём для псіхолагаў. У многіх людзей з інваліднасцю ёсць вялікі патэнцыял, але часта ў іх няма магчымасцяў яго рэалізаваць. І адсутнасць ці абмежаванне пэўных магчымасцяў штурхае іх на тое, каб праяўляць сябе ў тым, што для іх магчыма. Нельга сказаць, што гэта кампенсацыя — хутчэй, іншае размеркаванне рэсурсаў, матывацыя. Я назіраю ў людзей з абмежаванымі магчымасцямі вялікую сілу, якой многім не хапае. І дзякуючы ёй, яны рэалізоўваюць свой патэнцыял.

Уладзімір Генадзевіч, спартыўная злосць — гэта міф ці рэальны памочнік для спартсменаў?

— Гэта не міф, а рэальная спартыўныя эмоцыя. Але трэба разабрацца. Можна раззлавацца на сябе, на саперніка ці на нейкі ўспамін. Гэтая эмоцыя ўводзіць нервовую сістэму ў стан павышанай гатоўнасці і тым самым дапамагае дасягнуць выніку. Але часам спартсмен не можа справіцца са злосцю — яна засланяе яго вочы, і той губляе кантроль над сваімі дзеяннямі, гэта можа пашкодзіць. Эмоцыя злосці цесна звязана з агрэсіўнасцю. І мы ў псіхалогіі часцей гаворым не пра злосць, а пра агрэсіўнасць, гатоўнасць праяўляць агрэсію. Усе пераможцы спартыўных спаборніцтваў агрэсіўныя, яны не шкадуюць саперніка. Усе імкнуцца быць найлепшымі і даказаць гэта.

А якія яшчэ эмоцыі можна назваць спартыўнымі?

— Існуе мноства спартыўных эмоцый. Ёсць такі стан, калі чалавек лічыць, што ён ужо выйграў, але потым яго нехта даганяе і перамагае — так званая сітуацыя, калі медаль перад вачыма засвяціў. Ёсць горыч няўдачы, радасць перамогі, страх перад сапернікам або страх няўдач, няўпэўненасць у сваіх сілах — усё выклікае эмацыянальныя водгукі.

Уладзімір Генадзевіч, як зараз жыве школа спартыўнай псіхалогіі?

— У 2020 годзе многае памянялася. Але, нават нягледзячы на ўсе цяжкасці, у нас былі цікавыя змены. Псіхолагі сталі больш кантактаваць паміж сабой. Адноўлена асацыяцыя спартыўных псіхолагаў, ужо хутка год, як яна існуе ў Маскве. У канцы красавіка на базе нашай кафедры правялі чарговы ХVІІІ Міжнародны метадычны семінар па спартыўнай псіхалогіі, дзе ўдзельнічалі спецыялісты з дзесяці краін. За апошні год у нас выйшла некалькі кніг. І гэта пэўны крок наперад.


Источник: Валерыя Сцяцко, «Звяздза»




2021   2020   2019   2018   2013   2012   2011   2010  
Результаты соревнований Все результаты

Минский полумарафон 2020

г. Минск
12/09/2021 - 12/09/2021

Чемпионат мира среди юниоров (U20)

Найроби, Кения
17/08/2021 - 22/08/2021

Олимпийские игры 2020 - Токио

Токио, Япония
23/07/2021 - 08/08/2021